У Беларусі скарачаецца спажыванне прыроднага газу — Мінэнерга
Беларуская АЭС / Еўрарадыё
За сем месяцаў гэтага года аб'ём спажывання прыроднага газу ў Беларусі склаў 85% да аналагічнага перыяду мінулага. У Мінэнерга кажуць, што па выніках года аб'ёмы спажытага газу складуць 16,7 млрд кубічных метраў. А летась гэты паказчык быў 19 млрд кубічных метраў.
Па словах міністра энергетыкі Віктара Каранкевіча, асноўным фактарам зніжэння спажывання прыроднага газу стала работа БелАЭС. З моманту ўключэння ў энергасістэму першага энергаблока ў лістападзе 2020 года БелАЭС выпрацавала 18,5 млрд кВт/г электраэнергіі — гэта дазволіла замясціць каля 5 млрд кубічных метраў газу. З уводам другога энергаблока атамная станцыя зможа замяшчаць гэтыя 5 млрд кубічных метраў газу штогод.
Акрамя БелАЭС на скарачэнні спажывання газу ўплываюць "і рэалізаваныя ў краіне мерапрыемствы па энергазберажэнні і энергаэфектыўнасці, павелічэнне выкарыстання мясцовых відаў паліва, перавод асобных цеплакрыніц на фрэзерны торф, дранку і пялеты", кажуць у Мінэнерга.
Адзначым, што і будаўніцтва, і эксплуатацыя БелАЭС пастаянна суправаджаюцца інфармацыяй аб рознага кшталту надзвычайных здарэннях. Станцыю будуюць па расійскім праекце і пад наглядам расійскіх спецыялістаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.