У Беларусі стварылі Савет па біялагічнай бяспецы
"Спрабаваць прадбачыць усе магчымыя рызыкі"
У Беларусі стварылі Савет па біялагічнай бяспецы. У яго ўвайшлі 12 чалавек. Кіраўнік — прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, яго намеснікі — віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка і старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін. Сярод членаў Савета — міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Барташ, намеснік дзяржсакратара Саўбеза Аляксандр Невяроўскі.
Стан біялагічнай бяспекі ў Беларусі ацэньваецца "як стабільны па ўсіх складнікам". "Разам з тым нельга самазаспакойвацца і мінімізаваць гэтую праблему", — гаварыў прэм'ер.
Раман Галоўчанка нагадаў, што за апошняе дзесяцігоддзе "назіраецца інтэнсіўнае распаўсюджванне шэрагу небяспечных інфекцыйных захворванняў сярод людзей і жывёл". Ён згадаў і "ўспышкі цяжкіх рэспіраторных захворванняў", і "пандэмію COVID-19, якую мы ўсе перажылі". "Нам трэба быць дальнабачнымі, спрабаваць прадбачыць усе магчымыя рызыкі", — дадаў Галоўчанка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.