У Беларусі таемна прынялі закон аб канфіскацыі маёмасці
Канфіскацыя за "недружалюбныя дзеянні" / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
У Беларусі таемна прынялі закон аб канфіскацыі маёмасці. Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі ўхвалілі яго ў адзін дзень — 21 снежня 2022-га, а 3 студзеня 2023-га закон падпісаў Аляксандр Лукашэнка. 6 студзеня яго апублікавалі на Нацыянальным прававым партале РБ. Маёмасць будуць канфіскоўваць "выключна ў якасці меры ў адказ пры здзяйсненні ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь, яе юрыдычных і (або) фізічных асоб недружалюбных дзеянняў". А рашэнне аб такой неабходнасці прымае ўрад. Далей Дзяржмаёмасць звяртаецца ў эканамічны суд Мінска з адпаведнай заявай. У ёй мусіць быць пазначаны не толькі аб'ект, які збіраюцца канфіскаваць, але і "суб'ект, якому павінны перадаць права на ўласнасць". Справу разгледзяць на працягу месяца. Канфіскаваная маёмасць паступіць ва ўласнасць РБ, а грашовыя сродкі — у дзяржаўны бюджэт.
Закон пачне дзейнічаць праз 10 дзён пасля публікацыі. Адзначаецца, што яго прынялі "з улікам неабходнасці неадкладнага і эфектыўнага рэагавання на існуючыя пагрозы нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь у рэжыме спецыяльных абмежавальных мер". Як вядома, у Беларусі пачалі завочна судзіць апанентаў улады, якія знаходзяцца за мяжой. Наступны крок — канфіскацыя іх маёмасці. Таксама канфіскацыя закране маёмасць замежных краін.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.