У Беларусі тры месяцы не будуць браць пеню за пратэрмінаваную аплату "камуналкі"
Савет міністраў на тры месяцы адмяніў пеню за нясвоечасовую або няпоўную аплату за жыллё, электраэнергію і жыллёва-камунальныя паслугі. Адпаведнае рашэнне ўрад прыняў пастановай № 946 ад 22 лістапада 2016 г.
Пеня не будзе налічвацца плацельшчыкам, якія аплочвалі камуналку ў наступныя тэрміны: за верасень 2016 года — з 26 кастрычніка па 5 лістапада; за кастрычнік — з 26 лістапада па 5 снежня; за лістапад — з 26 снежня 2016 года па 5 студзеня 2017-га.
Як удакладняецца ў дакуменце, палёгка не распаўсюджваецца на пратэрмінаваную запазычанасць, якая ўтварылася на 1 кастрычніка, 6 лістапада і 6 снежня 2016 года, а таксама 6 студзеня 2017 года.
Тым, хто ўжо заплаціў пеню за верасень, пераразлік будзе праведзены ў адпаведнасці з пастановай. Ужо заплочаныя спажыўцамі грошы ў якасці пені за жыллёва-камунальныя паслугі будуць залічаныя ў кошт будучай платы.
Як вядома, за "камуналку" ў Беларусі трэба плаціць не пазней за 25-ы дзень кожнага месяца. У лістападзе жыроўкі да грамадзян прыйшлі са спазненнем: напрыклад, у Мінску — 19-20 лістапада.