У Беларусі ў лютым павялічацца ўсе віды дзіцячых дапамог
У Беларусі ў лютым павялічацца ўсе віды дзяржаўных дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей. Гэта звязана з устаноўленым з 1 лютага новым бюджэтам пражытковага мінімуму — 1 мільён 591 тысяча 310 рублёў. У выніку, памеры тых дзіцячых дапамог, якія вылічваюцца ў прывязцы да БПМ, вырастуць на 1,4%.
Як паведамляе БЕЛТА, аднаразовая дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці ў лютым-красавіку складзе 15 млн 913,1 тысячы рублёў (10 бюджэтаў пражытковага мінімуму), пры нараджэнні другога і наступных дзяцей — 22 млн 278,3 тысячы рублёў (14 БПМ). Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, цяпер складае 1 мільён 591,3 тысячы рублёў.
Штомесячная дапамога на дзяцей старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый сем'яў, на дзіця-інваліда — 1 мільён 113, 9 тысячы рублёў, на іншых дзяцей у сям'і — 795,7 тысячы рублёў. Штомесячная дапамога па догляду дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў складае 1 мільён 591,3 тысячы рублёў, штомесячная дапамога на дзіця ва ўзросце да 18 гадоў, інфікаванага ВІЧ — 1 млн 113,9 тысячы рублёў.
Штомесячная дапамога сем'ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў з 1 лютага складае 795,7 тысячы рублёў. Таксама ўзрастуць дапамогі па догляду дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў.