У Беларусі ў жніўні падаражалі сок, кава, мёд, малако, тытунь, алкаголь
Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі апублікаваў дадзеныя пра тое, як змяніліся цэны на харчовыя і нехарчовыя тавары па выніках жніўня 2017 года. Прадукты харчавання і безалкагольныя напоі патаннелі на 1,93%. Гародніна патаннела на амаль 32%, садавіна — на 5,11%. Цэны на памідоры знізіліся амаль на 46%, на капусту — на 41%, на бульбу — амаль на 40%, на бананы — амаль на 21%.
У мінулым месяцы падаражалі сокі — на 2,58%, мёд — на 1,33%, кава — на 2,45%, малако і малочныя прадукты — на 0,41%, сыры — на 0,03%. На 0,82% падняліся кошты на тытунёвыя вырабы, на 0,21% — на алкагольныя напоі. Што да нехарчовых тавараў, то ў жніўні цэны на іх выраслі на 0,3%.
Як інфармавала Еўрарадыё, у нашай краіне зноў зафіксавалі дэфляцыю.