У Беларусі ўпершыню пройдуць анлайн-спаборніцтвы па штурханні ядра
Першыя ў Беларусі анлайн-спаборніцтвы па штурханні ядра вырашыла арганізаваць Федэрацыя лёгкай атлетыкі.
У прэс-службе федэрацыі адзначаюць, што летні спартыўны сезон пастаўлены на паўзу ў суввязі з пандэміяй каранавіруса, таму спартоўцы засумавалі па турнірах.
Спаборніцтвы пачнуцца 30 красавіка ў 18:00. Яны будуць арганізаваныя на месцы трэніровак спартоўцаў у Віцебску і Брэсце. Гэта будзе дзве дуэлі. Кожны ўдзельнік атрымае права на шэсць спробаў, па выніках якіх будзе вызначаны пераможца ў пары.
У першую пару ўвайшлі Алег Тамашэвіч (19 гадоў, рэкорд 19,73 метра) і Дзмітрый Карпук (20 гадоў, 19,61 м). Яны будуць штурхаць сямікілаграмовы "дарослы" снарад.
У другой пары — атлеты з розных узроставых груп, якія будуць штурхаць ядра рознай вагі. Аляксей Александровіч (19 гадоў, 20,54 м) штурхне шасцікілаграмовае ядро, а Ілля Місоўскі (17 гадоў, 19,77 м) — пяцікілаграмовае.
Жывая трансляцыя будзе весціся на Youtube-канале Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі AthleticsBY.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.