У Беларусі ўсе афіцэры запасу будуць мець кваліфікацыю аператара БПЛА
У Мінабароны спадзяюцца "закрыць патрэбу ў гэтых спецыялістах"
У Беларусі ўсе афіцэры запасу будуць мець кваліфікацыю аператара БПЛА. На вайсковых факультэтах і кафедрах усіх ВНУ створаць спецыялізаваныя класы іх падрыхтоўкі, паведамілі ў Мінабароны. Там спадзяюцца з дапамогай новаўвядзення "закрыць патрэбу ў гэтых спецыялістах для Узброеных сіл".
Такі спецклас ужо створаны на ваенным факультэце ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Заняткі з першым наборам студэнтаў пачнуцца з 1 лютага 2025-га. А да 1 верасня плануецца абсталяваць яшчэ 16 класаў у іншых ВНУ. З 12 верасня 2025-га пачнецца падрыхтоўка ў іх студэнтаў. Пасля заканчэння курса яны атрымаюць "сертыфікат дзяржаўнага ўзору аб самастойным допуску да кіравання беспілотным лятальным апаратам".
У канцы верасня сёлета старшыня цэнтральнага савета Беларускага добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту генерал-маёр Андрэй Некрашэвіч заявіў, што яго арганізацыя цяпер выконвае падрыхтоўку аператараў беспілотнікаў. "Па нашых разліках, да 2026 года мы зможам цалкам забяспечыць сілавыя структуры аператарамі дронаў", — дадаў ён. Секцыі ствараліся для школьнікаў. У наступным годзе пачнецца праца са студэнтамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.