У Беларусі ўзмоцняць патрабаванні бяспекі да высотных будаўнічых работ
У Беларусі забароняць будаўнічыя працы на вышыні болей за 1,3 метра без 100-адсоткавага забеспячэння сродкамі абароны ад падзення. Такое рашэнне прынятае на пасяджэнні калегіі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, інфармуе БЕЛТА.
Падчас працы на вышыні работнікі будаўнічых арганізацый павінны мець індывідуальныя паясы і страховачную прывязь. Таксама яны павінны атрымаць допуск для працы на вышыні, забяспечаны медаглядам, спецыяльным навучаннем і інструктажам.
Гэтыя захады робяцца для зніжэння вытворчага траўматызму.
У мэтах павышэння аховы працы і бяспечных умоваў для працуючых на будаўнічых аб’ектах праведзена 148 семінараў, у якіх прынялі ўдзел болей за 2,5 тысячы інжынерных работнікаў. Болей за 10 тысяч работнікаў павысілі кваліфікацыю ў пытаннях аховы працы, сярод іх 3,5 тысячы кіраўнікоў і спецыялістаў. Праводзіліся праверкі выканання патрабаванняў аховы працы.
Сярод іншых захадаў па далейшым зніжэнні траўматызму сярод будаўнікоў будзе працягнутая практыка наркалагічнага кантролю на аб’ектах.
Фота з архіву