У Беларусі выпадкаў заражэння Кракенам пакуль не выяўлена — Мінздароўя
Каранавірус / pixabay.com
У Беларусі на сёння пакуль не выяўлена заражэння такім штамам каранавіруса, як Кракен, паведамляе прэс-служба Мінздароўя.
Спецыялісты РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Мінздароўя пастаянна сочаць за з'яўленнем новых варыянтаў каранавіруса, якія цыркулююць у краіне.
Цяпер у Беларусі працягвае цыркуляваць штам Омікрон.
Штам Кракен падобны да іншых субварыянтаў Омікрона, але мае палепшаную здольнасць звязвацца з клеткамі чалавека і інфікаваць іх.
Упершыню гэты штам выявілі ў кастрычніку 2022 года ў ЗША, там ён стаў дамінуючым штамам. Таксама новы варыянт выяўлены як мінімум яшчэ ў 35 краінах.
У Сусветнай арганізацыі аховы здароўя лічаць гэты штам больш заразным, чым іншыя варыянты віруса. Пры гэтым СААЗ падкрэслівае, што няма ніякіх падставаў лічыць гэты падварыянт больш сур'ёзным або шкоднасным.
У апошнія тыдні ў Беларусі адзначаецца зніжэнне захворвання насельніцтва на грып і ВРІ, кажуць у Мінздароўя. У структуры вірусаў, якія цыркулююць у краіне, пераважае вірус грыпу — больш за 80%.
Раней міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч заявіў пра завяршэнне ў Беларусі эпідэміі каранавіруса.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.