Міністр аховы здароўя заявіў пра завяршэнне пандэміі каранавіруса ў Беларусі
Дзмітрый Піневіч у Магілёве / t.me/minzdravbelarus
У Беларусі пандэмія каранавіруса падышла да канца, але расслабляцца рана. Пра гэта міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч падчас паездкі ў Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Магілёва.
"Мы прывучаныя да аператыўнай змены абстаноўкі, аператыўных адказаў на яе. Пандэмія нас навучыла трохі іншаму фармату абмену інфармацыяй, працы. Яна падышла да канца, але расслабляцца нельга. Бо мы прыйшлі ў эпоху вірусаў", — цытуе БЕЛТА заяву чыноўніка.
Цяпер, па словах Піневіча, ідзе трыдэмія. "Гэта працэс, калі захоўваецца каранавірус на вельмі нізкай актыўнасці, ёсць праблема віруса грыпу і рэспіраторных вірусаў", — патлумачыў ён. Міністр адзначыў, што цяпер хварэюць пераважна дзеці і пажылыя людзі. Пры гэтым паказчыкі захворвання знізіліся, у тым ліку і ў сувязі з зімовымі вакацыямі ў школьнікаў.
Піневіч сказаў, што ў медустановах па-ранейшаму рэкамендуецца насіць маскі. Таксама ён рэкамендуе праветрываць памяшканні і весці актыўны лад жыцця.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.