У Беларусі вырасла беспрацоўе

На кірмашы вакансій, ілюстрацыйнае фота

На кірмашы вакансій, ілюстрацыйнае фота / 1prof.by

У Беларусі з пачатку года вырасла афіцыйнае беспрацоўе. Паказчыкі красавіка перавысілі ўзровень беспрацоўя, які быў зафіксаваны ў студзені. На гэтыя звесткі Еўразійскай эканамічнай камісіі звярнуў увагу рэсурс "Пазірк". Сярод удзельнікаў ЕАЭС беспрацоўе вырасла яшчэ ў Казахстане.

У Беларусі ў красавіку ў дзяржаўных службах занятасці былі зарэгістраваныя 4,3 тысячы чалавек, гэта амаль на 5% больш, чым у студзені (4,1 тысячы). Колькасць занятых у эканоміцы, паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у красавіку скарацілася на 2,6 тысячы чалавек, або на 0,1%. У красавіку было занята 4 млн 126,5 тысячы чалавек, а ў студзені — 4 млн 129,1 тысячы.

Апошнім часам беларускія чыноўнікі ўсё часцей гавораць пра праблему недахопу кадраў. Дэфіцыт працоўных рук у Беларусі — "доўгачасовы і стратэгічны выклік як у колькасным, так і ў якасным аспектах", казала, у прыватнасці, у канцы траўня рэсурсу sb.by намесніца міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч. На яе думку, працоўныя рэсурсы трэба не прыцягваць здалёк, а ўтрымліваць свае кадры, а яшчэ лепш — вяртаць "суграмадзянаў, якія мігравалі". Пра недахоп кадраў, нават "павальны дэфіцыт" казаў гэтай вясной і Аляксандр Лукашэнка на нарадзе, прысвечанай стану беларускай эканомікі.

На 12 чэрвеня на сайце Дзяржаўнай службы занятасці апублікавана 158 473 вакансіі. "Позірк" нагадвае, што, паводле звестак Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, пасля падзей жніўня 2020 года Беларусь пакінулі ад 200 да 500 тысячаў чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі