У Беларусі з 3 кастрычніка пачынаецца прышчэпачная кампанія
Бясплатна прапануюць толькі расійскую вакцыну
З 3 кастрычніка ў беларускіх паліклініках можна будзе зрабіць прышчэпку супраць грыпу, піша рэсурс sb.by са спасылкай на намесніка галоўнага ўрача па эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алу Дашкевіч. Пры гэтым бясплатна можна будзе зрабіць прышчэпку толькі расійскім прэпаратам. У паліклініках ёсць і французская вакцына "Ваксігрып Тэтра", але за гэты прэпарат трэба будзе заплаціць. Платнай будзе і вакцына "Інфлювак Тэтра" (вытворчасці Нідэрландаў), яна павінна паступіць у беларускія паліклінікі ў бліжэйшы час.
"Вакцынацыя за кошт сродкаў дзяржавы праводзіцца групам рызыкі", — удакладніла Ала Дашкевіч. Размова ідзе перш за ўсё аб людзях "з высокай верагоднасцю ўзнікнення ўскладненняў пасля перанесенага захворвання". Гэта маленькія дзеці ва ўзросце ад шасці месяцаў да трох гадоў, пажылыя людзі старэйшыя за 65 гадоў, а таксама з хранічнымі захворваннямі, імунасупрэсіўнымі станамі, цяжарныя. Бясплатная прышчэпка таксама паказана тым, хто знаходзіцца ва ўстановах з кругласутачным рэжымам знаходжання: медыкам, работнікам аптэк, супрацоўнікам устаноў адукацыі, гандлю і грамадскага харчавання.
Сёлета ў Беларусі падчас масавай вакцынацыі супраць грыпу плануюць зрабіць прышчэпкі больш за двум мільёнам чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.