У Берліне невядомыя закідалі сінагогу кактэйлямі Молатава
На месцы здарэння
Сінагогу ў Берліне ў сераду закідалі кактэйлямі Молатава. Пра гэта піша Bild са спасылкай на прадстаўнікоў абшчыны. Гэта адбылося ў ноч на сераду. Невядомыя кінулі дзве бутэлькі з запальнай сумессю ў будынак, дзе акрамя сінагогі размешчаныя габрэйская школа і грамадскі габрэйскі цэнтр. Да будынка бутэлькі не даляцелі, упалі на ходнік і загарэліся.
Сёння раніцай каля будынка сінагогі былі арыштаваныя некалькі чалавек. Адзін мужчына — за тое, што выкрыкваў антысеміцкія лозунгі, яшчэ адзін (на ім быў шалік у колерах палестынскага сцяга) — за кінуты ў бок сінагогі самакат.
Раней улады Германіі былі вымушаныя ўзмацніць абарону габрэйскіх устаноў у краіне на фоне абвастрэння канфлікту на Блізкім Усходзе. З пачаткам вайны ў шэрагу нямецкіх гарадоў прайшлі дэманстрацыі ў падтрымку ХАМАС. Канцлер Германіі Олаф Шольц пасля гэтага заявіў, што забараняе падтрымліваць дзейнасць ХАМАС у краіне. Пра гэта ён казаў падчас выступу ў Бундэстагу ў мінулы чацвер.
"Кожны, хто праслаўляе злачынствы ХАМАС або выкарыстоўвае яго сімволіку, падлягае пераследу ў Германіі. Кожны, хто патурае забойствам і ненаўмысным забойствам або падбухторвае да злачынных дзеянняў, падлягае крымінальнаму пераследу. Кожны, хто спальвае ізраільскія сцягі, падлягае крымінальнаму пераследу. Кожны, хто падтрымлівае тэрарыстычныя арганізацыі, такія, як ХАМАС, падлягае крымінальнаму пераследу", — цытавала Шольца выданне Spiegel.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.