У Брэсце пачалі судзіць за наркотыкі 24-гадовага сына расійскага алігарха
У Брэсце пачалі судзіць за наркотыкі 24-гадовага сына расійскага алігарха. Аляксандра Шарыгу абвінавачваюць у незаконным перамяшчэнні наркатычных сродкаў праз беларускую мяжу, у іх незаконнай перавозцы (без мэты збыту) і захоўванні, інфармуе "Брестская газета".
Працэс праходзіць у судзе Маскоўскага раёна Брэста. На яго прыехаў з Масквы бацька Аляксандра Канстанцін Шарыга. Суд адмовіўся зрабіць працэс закрытым, як гэтага хацеў абвінавачаны.
Аляксандр Шарыга быў затрыманы ў пункце пропуску "Варшаўскі мост" на беларуска-польскай мяжы 29 снежня мінулага года. Ён вяртаўся ў Расію на аўтамабілі. У ім знайшлі гашышны алей і марыхуану. Да таго ж малады чалавек быў у стане алкагольнага ап'янення.
Шарыга патлумачыў, што ў Празе купіў тры баначкі з араматызаванымі дабаўкамі для кальяна. Пра гашышны алей ён не ведаў. З Чэхіі расіянін паехаў з дзяўчынай у Германію, адтуль — у Швейцарыю, Францыю, а пасля — у Расію. Па дарозе ён курыў марыхуану і крыху яе высыпалася ў салоне машыны. Яе і знайшоў службовы сабака памежнікаў.
"З-за таго, што я большую частку жыцця правёў за мяжой, вучыўся там, я не думаў, што такая маленькая колькасць наркатычнага рэчыва ў складзе можа так паўплываць на мой лёс і гэта будзе крымінальна пераследавацца, — казаў у аўторак у судзе Аляксандр Шарыга. — У краінах, у якіх я знаходзіўся ўсё жыццё, а таксама на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, я ведаў, што такога не будзе. Таму я нават нічога нікуды не хаваў".
Дзяржабвінаваўца пацікавіўся: "У Расійскай Федэрацыі наркотыкі дазволеныя?". "Не, не дазволены, але за такую колькасць... Я разумеў, што агульная вага не будзе складаць нават грама. Я памыляўся — агульная вага склала 1,2 грама", — адказаў расіянін. У судзе ён цалкам прызнаў сваю віну, сказаў, што шкадуе пра зробленае. Шарыга сцвярджае, што марыхуану курыў толькі зрэдку.
Працэс працягнецца 10 красавіка.