Выставу “Код памяці” прысвяцілі калоніі Варбурга ў Брэсце (фота)
На экспазіцыі можна пабачаць старыя фотаздымкі і прадметы побыта прадстаўнікоў габрэйскай абшчыны горада ў даваенны час.
У Брэсце праходзіць выстава "Код памяці". Яна прымеркаваная да 90-годдзя габрэйскай калоніі Варбурга.
Калонія Варбурга — унікальны для Беларусі горадабудаўнічы помнік драўлянай архітэктуры. Жыллё для габрэйскай беднаты Брэста было пабудавана ў закапанскім стылі ў 1925 годзе. Спонсарам будаўніцтва стаў Амерыканскі габрэйскі размеркавальны камітэт "Джойнт", які ўзначальваў у той час Фелікс Варбург.
На жаль, гэты помнік архітэктуры да нашых дзён амаль не захаваўся. З 12 дамоў па Першым Мінскім завулку засталіся парэшкі толькі двух.
Пра перспектывы рэстаўрацыі калоніі Варбурга Еўрарадыё распавяла кіраўнік Брэсцкай габрэйскай абшчыны Рэгіна Сіманенка.
Сіманенка: "Тэарытычна я бачу вырашэнне пытання, але практычна — гэта на дадзены момант амаль нерэальна. Чым гэта ўсё скончыцца? Пытанне застаецца адкрытым. Я думаю, што калі б на ўзроўні нашых гарадскіх муніцыпальных уладаў было прынятае якое-небудзь станоўчае рашэнне, то гэта было б слушна. Гэта — і гісторыя, і прыцягненне турыстаў".
На выставе прадстаўлены аўтарскія фатаграфіі брэстаўчан, зробленыя ў апошнія месяцы існавання калоніі Варбурга, а таксама прадметы побыту, малюнкі брэсцкага мастака Уладзіміра Губенкі і архіўныя фатаграфіі з фонду "Джойнт".
Азнаёміцца з атмасферай бытавых, рэлігійных і культурных традыцый габрэйскай абшчыны даваеннага Брэста можна будзе да 4 сакавіка ў музеі "Выратаваных мастацкіх каштоўнасцяў".