У Брэсце праваабаронцы просяць стварыць на ўчастках умовы для галасавання інвалідаў
Актывіст грамадзянскай ініцыятывы “Сацыяльны офіс” Юрый Жыдовіч распавёў, што ў арганізацыю звярнулася група інвалідаў з просьбай дапамагчы ў вырашэнні праблемы доступу на выбарчыя ўчасткі, дзе будуць знаходзіцца ўрны для галасавання.
“Раней гэтая катэгорыя выбаршчыкаў магла прагаласаваць найчасцей па месцы свайго жыхарства, бо на многіх выбарчых участках няма умоваў, каб інваліды маглі іх наведаць на сваіх вазках. Многія выбарчыя ўчасткі размешчаны ў не прыстасаваных для наведвання інвалідамі будынках, дзе адсутнічаюць пандусы і іншыя прыстасаванні. Акрамя таго, у некаторых выпадках памяшканні для галасавання знаходзяцца на верхніх паверхах”, — кажа Жыдовіч.
Сайт праваабарончай арганізацыі Вясна паведамляе, што напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў некаторыя брэсцкія інваліды выказваюць жаданне асабіста прыйсці на ўчасткі для галасавання, а не пускаць сабе дамоў прадстаўнікоў выбаркамаў. На думку актывіста, гэта, з аднаго боку, дазваляе інвалідам праявіць актыўнасць і адчуваць сябе больш незалежна ад жыццёвых абставінаў, а з другога — таксама палягчае працу самой камісіі.
Фота: vlast.kz