У Брэсце прайшлі беларуска-кітайскія спаборніцтвы робатаў (фотарэпартаж)
У Брэсце прайшлі спаборніцтвы робатаў. “Кітайска-беларускі турнір па робататэхніцы” адбыўся ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце. У спаборніцтвах прынялі ўдзел 8 студэнцкіх камандаў з Беларусі і Кітая.
Турнір праходзіў у два этапы. Беларускі бок прапанаваў Roborace — гонкі робатаў-балідаў па правілах “Формулы 1”. Roborace добра вядомы мясцовым студэнтам, бо не раз праходзіў у БрДТУ. А вось турнір Interplanetary Exploration, які прапанавала кітайская дэлегацыя, прайшоў у Брэсце ўпершыню. Ён уяўляе сабой збор на хуткасць “мінералаў”. На гульнявым полі ўсталёўваюцца 12 шарыкаў для гольфа. Каманды адначасова стартуюць з процілеглых кутоў. Задача робата — сабраць максімальную колькасць “мінералаў”. Робаты арыентуюцца ў прасторы выключна дзякуючы датчыкам і прапісанай праграме-алгарытму.
Па словах арганізатараў, мэта турніру — усталяванне кантактаў паміж універсітэтамі абедзвюх краін і ўзаемнае атрыманне навукова-тэхнічнага вопыту.