У Брэсце распачатая крымінальная справа за паклёп на кіраўніка дзяржавы
У злачынстве вінавацяць мужчыну, які зрабіў плот з палітычнымі лозунгамі.
У Брэсце распачалі крымінальную справу за паклёп на кіраўніка дзяржавы. Адзін з мясцовых жыхароў зрабіў плот з палітычнымі лозунгамі. “Будавалі камунізм, а атрымалі крызіс”, — самы кароткі лозунг з тых, што можна прачытаць на вуліцы Ясеніна ў Брэсце. Менавіта там жыве 63-гадовы Міхаіл Лукашэвіч. Брэстаўчанін літаральна пабудаваў плот з саморобных транспарантаў.
Народныя мудрасці і афарызмы ўласнага аўтарства — "плакаты" з імі, як кубікі канструктара “Лега”, утвараюць адно вялікае палітычнае графіці. Крытыку як савецкай, так дзейнай улады, апроч суседзяў, штодня могуць прачытаць пасажыры аўтобусаў № 6 і № 32. Плот выходзіць акурат на праезную частку.
Крытыкаваць дзейную ўладу Беларусі без пераходу на асобу ў Міхаіла Лукашэвіча не атрымалася. Следчы камітэт 29 снежня 2014 года распачаў у дачыненні мужчыны крымінальную справу. Пра гэта Еўрарадыё распавёў мясцовы праваабаронца Уладзімір Малей:
"Як улады раней рэагавалі? Пасылалі нарад міліцыі, каб тыя правялі з ім (Лукашэвічам — Еўрарадыё) прафілактычную гутарку. Як грамадзянін, які мае сваю пазіцыю, ён адказваў: “Гэта мая ўласнасць! Што хачу, тое і вывешваю!”. І вось цяпер стала вядома, што ў дачыненні яго распачата крымінальная справа па часцы першай артыкулу 367 Крымінальнага кодэксу — гэта паклёп на прэзідэнта”.
Чалавек з прозвішчам Лукашэнка згадваецца ледзь не ў кожным другім "плакаце" спадара Лукашэвіча. Які менавіта надпіс праваахоўнікі палічылі паклёпам на кіраўніка краіны, пакуль невядома. Артыкул, дарэчы, прадугледжвае пазбаўленне волі тэрмінам да 4 гадоў.
Па словах праваабаронцы, Лукашэвіч адмовіўся ад удзелу у следчых дзеяннях. Ніводны дакумент ад праваахоўнікаў не падпісваў, а з’яўляцца да следчага адмаўляўся. Каб яго дапытаць, міліцыя затрымлівала мужчыну. У лютым сёлета Міхаіл Лукашэвіч правёў 3 дні ў ізалятары часовага ўтрымання.
Праваабаронца Уладзімір Малей дадае, што падчас следства ў хаце Лукашэвіча рабілі ператрус. З гаражу міліцыянеры канфіскавалі “прылады злачынства” — некалькі шклянак з фарбай і грунтоўкай, а таксама 7 пэндзляў. Сам плот пакуль застаўся некрануты.
Лукашэвіч ігнаруе кантакты з СМІ: участак ахоўвае сабака, а датэлефанавацца на хатні нумар у Еўрарадыё не атрымалася.