У Брэсце суд выселіў з кватэры жанчыну па заяве яе непаўналетняй дачкі
Суд Ленінскага раёна Брэста выселіў з кватэры жанчыну па заяве яе непаўналетняй дачкі. Гэта першы такі выпадак у горадзе, піша газета “Вечерний Брест”.
У суд звярнуўся бацька 16-гадовай дзяўчыны. Ён прасіў выселіць былую жонку з жылога дома на вуліцы Піхтавай без прадастаўлення іншага жылога памяшкання. У пазове мужчына заявіў, што адказчыца пражывае там часова і без рэгістрацыі разам з іншым мужчынам, учыняе скандалы і не аплочвае “камуналку”. Інтарэсы непаўналетняй Кацярыны ў судзе адстойвалі яе бацька, бабуля і прадстаўнікі дзяржаўных органаў апякунства і папячыцельства.
Суд палічыў пазоў абгрунтаваным і задаволіў яго ў поўным аб'ёме. Некалькі дзён таму ў суд Ленінскага раёна паступіла новая заява — аб пазбаўленні маці дзяўчыны бацькоўскіх правоў.
Паводле заканадаўства, дзеці маюць права звяртацца па абарону сваіх правоў і інтарэсаў па дасягненні 14 гадоў.