У Брэсце забаранілі пікеты ў падтрымку прадпрымальнікаў
Брэсцкім актывістам Аб'яднанай грамадзянскай партыі мясцовыя ўлады забаранілі праводзіць пікеты ў падтрымку індывідуальных прадпрымальнікаў. 31 студзеня планавалася правесці ў розных месцах абласнога цэнтру 14 вулічных акцый, кожная з якіх мусіла працягвацца гадзіну. Сябры АГП хацелі выказаць салідарнасць з ІП, а таксама прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы ціску на прадпрымальнікаў і неабходнасці правядзення ў Беларусі рынкавых рэформаў.
Як інфармуе прэс-служба Аб'яднанай грамадзянскай партыі, два пікеты Брэсцкі гарвыканкам забараніў з-за таго, што заяўнікі не заключылі з міліцыяй, установай аховы здароўя і камунальнікамі адпаведныя дамовы на абслугоўванне. Астатнія 12 пікетаў былі забароненыя, паколькі месцы, у якіх іх планавалі правесці, не прадугледжаныя для правядзення вулічных акцый.