У Брэсце затрымалі праваабаронцу, які ладзіў адзіночны пікет
Акцыя праходзіла 28 сакавіка ля будынка абласной пракуратуры.
Брэстаўчанін Дзмітрый Рабцэвіч выйшаў на вуліцу з плакатам "Не — хуткiм расстрэлам!" каля 17.30. Прыкладна праз 10 хвілінаў яго затрымалі міліцыянты.
Як паспеў паведаміць Еўрарадыё Дзмітрый Рабцэвіч, мэта акцыі — прыцягнуць увагу да праблемы паскоранага выканання смяротнага прысуду ў краіне.
Брэсцкія праваабаронцы прапанавалі ўнесці змены ў Крымінальна-выканаўчы кодэкс. Адпаведны законапраект, які прадугледжвае 5 гадоў адтэрміноўкі пасля вынясення смертнага прысуду, яны даслалі 28 сакавіка ў Савет міністраў.
Рабцэвіч: "Акцыя накіравана на тое, каб даць пяцігадовую адтэрміноўку тым людзям, якія трапілі ў тую ці іншую сітуацыю, і на магчымасць іх слушнага судовага разбіральніцтва, на выкананне ўсіх правоў заканадаўства. Каб ва ўсіх быў шанец".
Зараз мужчына знаходзіцца ў Ленінскім РУУС. Сувязь з iм адсутнiчае.
Фота — Reuters