У Брэсце з'явіцца музей Уладзіміра Высоцкага

У Брэсце ў гасцініцы "Буг" з'явіцца музей паэта, акцёра і барда Уладзіміра Высоцкага. Як вядома, сёлета ў горадзе з'явіцца фэст аўтарскай песні імя Высоцкага. Чакаецца, што ён пройдзе ў кастрычніку. З такой ініцыятывай выступілі брэстаўчане, неабыякавыя да яго творчасці. Сярод іх — галоўны рэдактар газеты "Брестский курьер" Мікалай Аляксандраў.

Па словах Аляксандрава, пасля таго, як ідэю фэста падтрымалі ў гарвыканкаме, да кіраўніцтва горада звярнулася і адміністрацыя гасцініцы "Буг", якая таксама агучыла свае прапановы да ўшанавання памяці барда ў Брэсце. Дарэчы, менавіта ў гасцініцы "Буг" неаднаразова спыняўся Уладзімір Высоцкі, калі наведваў абласны цэнтр.

Аляксандраў: "Яны хочуць стварыць мемарыяльны пакой (пакой-люкс) на другім паверсе і музей. У іх ёсць зала, якую яны хочуць аддаць пад музей Высоцкага, а ў нас (рэдакцыі газеты "Брестский курьер" — Еўрарадыё) ужо створана экспазіцыйная аснова, якую там можна размясціць".

Апроч гэтага, кіраўніцтва "Буга" таксама звярнулася ў гарвыканкам з прапановай усталяваць у скверы каля гасцініцы помнік Уладзіміру Высоцкаму. Праект быў падтрыманы і ў хуткім часе будзе аб'яўлены конкурс на эскіз помніка. Праўда, Мікалай Аляксандраў дадае, што ўзводзіцца помнік будзе не за грошы гарадскога бюджэта. Тэрміны з'яўлення помніка залежаць ад патэнцыйных інвестараў і ахвярадаўцаў, зацікаўленых у рэалізацыі гэтага праекту.

Уладзімір Высоцкі хоць і нарадзіўся ды жыў у Маскве, але меў непасрэднае дачыненне да Брэста. З Брэстчыны паходзіць яго дзед, а таксама ёсць шмат фотасведчанняў таго, што славуты бард неаднаразова бываў праездам і гасціў там, калі накіроўваўся ў Францыю да сваёй жонкі Марыны Уладзі.

Фота: kino-teatr.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі