У цэнтры Мінску ўначы расстралялі Mercedes (абноўлена)
Здарэнне адбылося 4 чэрвеня каля 23.30 на плошчы Бангалор.
Чорны "Мерседэс" расстралялі, хутчэй за ўсё, з аўтаматычнай зброі, паведамляе сайт by24.org.
Відавочцы кажуць, што "Мерсэдэс" меў мінскія нумары. Ён стаяў у крайняй левай паласе вуліцы Арлоўскай, перад наземным пешаходным пераходам на ўездзе на плошчу Бангалор з боку вуліцы Карастаянавай.
На газоне падзяляльнай паласы тварам уніз ляжаў труп чалавека, як мяркуецца, мужчыны. Яго ахоўвалі некалькі людзей у цывільным, узброеных аўтаматамі. На іх твары былі нацягнутыя маскі-"балаклавы". На месцы здарэння прысутнічалі таксама некалькі супрацоўнікаў міліцыі і людзі ў цывільным без масак.
Карэспандэнт by24.org сведчыць, што ў бакавым шкле з правага боку "Мерседэса" ёсць мноства кулявых адтулін. Мяркуецца, што гэта была або аўтаматная чарга, або шквальная страляніна з пісталетаў некалькімі людзьмі. Яшчэ як мінімум тры кулявыя адтуліны было відаць у лабавым шкле аўтамабіля.
Зранку 5 чэрвеня прэс-сакратар мінскай міліцыі паведаміў, што ніякай страляніны не было, а прайшло затрыманне наркагандляра.
Фота — by24.org