У цэнтры Таліна паліцыя застрэліла 33-гадовага эстонца, які размахваў нажамі
У цэнтры Таліна на плошчы Вабадузе паліцыя застрэліла 33-гадовага мужчыну, які палохаў мінакоў нажамі і гучнымі стогнамі. Яго асоба ўжо ўстаноўленая — злачынец апынуўся грамадзянінам Эстоніі, які раней не трапляў пад крымінальны пераслед.
Першы званок пра тое, што па цэнтры эстонскай сталіцы ходзіць басаногі мужчына, які размахвае нажамі, паступіў у паліцыю ў 11:04. Прэфект Крысціян Яані ўдакладняе, што такіх выклікаў было некалькі. Яны пацвердзіліся запісамі з камераў відэаназірання.
Калі паліцыя прыбыла на месца здарэння, мужчыне загадалі пакласці зброю на зямлю. Але ён не паслухаўся і пабег у бок паліцыянтаў. Тыя зрабілі тры папераджальныя стрэлы, а пасля стрэлілі на паражэнне. Куля трапіла злачынцы ў горла. Мужчыну адвезлі ў бальніцу, дзе пазней ён памёр.
Ні паліцыянты, ні мінакі падчас інцыдэнта не пацярпелі.
Адказваючы на пытанне сайта ERR.ee, ці магла паліцыя пазбегнуць прымянення зброі, Яані зазначыў, што паліцэйская падрыхтоўка прадпісвае пры атацы халоднай зброяй на кароткай дыстанцыі абараняцца з дапамогай агнястрэльнай зброі. Тым не менш, па факце выкарыстання пісталета пачатае службовае расследаванне.
Інфармагенцтва BNS называе імя забітага чалавека — Яанус Каарман (Jaanus Käärmann).