У чарнобыльскіх раёнах ужо чакаюць маладых настаўнікаў

Выпускніца Лінгвістычнага універсітэта Марына Федарук, якая танчыла вальс на балі выпускнікоў з прэзідэнтам, а потым не паехала ў вёску па размеркаванні, засталася вучыцца ў магістратуры, атрымоўвае стыпендыю больш за зарплату маладога спецыяліста. Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці чакаюць выпуснікоў там, куды яны не даехалі год таму, і высветліла, што яны нікому і не былі патрэбны Улляна Кавалёва, выпускніца Мазырскага педуніверсітэта, павінна была размеркавацца ў вёску Слабада. Не даехала. Еўрарадыё датэлефанавалася ў школу, каб дазнацца, ад якіх умоў адмовілася малады спецыяліст, і ці засталося вакантнае месца на гэты год. Завуч Слабадской школы кажа, што ў верасні на паўстаўкі псіхолага прыйшоў толькі адзін выпускнік. Першы заробак маладога спецыяліста склаў каля 200 тысяч рублёў.


Еўрарадыё: Мабыць, да вас у вёску моладзь едзе неахвотна?
Завуч: Чаму? У нас Мазыр побач недзе 17-18 кіламетраў. Да нас яшчэ хочуць ехаць, а вось
далей не. У нас аграгарадок пабудаваны: і клуб ёсць, і бальніца ёсць, і дзіцячы садок побач.

І тым не менш, зараз у школе ізноў вольныя паўстаўкі псіхолага, бо Наталля Карабун (малады спецыяліст) стала арганізатарам. Яна разам з мужам жыве ў Мазыры і кожны дзень ездзіць у вясковую школу за ўласныя грошы. За месяц такія паездкі ёй вылятаюць у 60 тысяч рублёў. Пры тым, што яе заробак складае 230 тысяч.


Наталля Карабун: Я сама з Мазыра, таму і езджу кожны дзень. Я ішла не па размеркаванні, я на платнай аснове навучалася, таму сама сабе шукала месца.
Еўрарадыё: А вам жыллё ў Слабадзе прапаноўвалі?
Наталля Карабун: Не.

Выпускніца Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта Марына Федарук, якая танчыла вальс на балі выпускнікоў з прэзідэнтам у Палацы Рэспублікі, да месца размеркавання таксама не даехала. У аддзеле адукацыі Іванава Брэсцкай вобласці Еўрарадыё кажуць, што настаўніцу англійскай, французскай і італьянскай моваў яны б змаглі ўладкаваць на працу. Дзяўчына б выкладала ў мясцовай школе французскую мову.


Аддзел адукацыі Іванава: Не тое, каб не даехала, проста паступіла ў магістратуру. Гэта паважная прычына.


Калі б Марына даехала да раёна і там ёй знайшлі працу, заробак склаў бы 270 тысяч рублёў. Такі аклад у маладога спецыяліста ў рэгіёне. Дарэчы, у магістратуры Марына атрымлівае значна болей – 473 тысячы рублёў. У аддзеле адукацыі Еўрарадыё сказалі, што ў гэтым годзе ізноў падалі заяву на маладога спецыяліста.

Другой выпускніцы гэтай ж ВНУ Яўгеніі Шашнёвай, так не пашанцавала. Дзяўчына не з’явілася 1 верасня ў аддзел адукацыі Драгічына і па гэты дзень выплочвае дзяржаве 18 мільёнаў. Еўрарадыё спыталася ў галоўнага спецыяліста Алены Паўлюковіч, дзе б уладкавалі дзяўчыну на працу: у вёсцы ці ў раённым цэнтры?


Алена Паўлюковіч: Вы ж ведаеце, што зараз амаль усе выпускнікі едуць на вёску, таму б яна не стала выключэннем.


У гэтым годзе аддзел адукацыі ўжо паспеў аформіць пяць заявак на маладых спецыялістаў. У Драгічынскім раёне не хапае настаўнікаў хіміі, фізікі, інфарматыкі. Усе яны паедуць у вёску з акладам у 270 тысяч, бо кадры ў горадзе ўжо ўкамплектаваныя.


У Ветцы Гомельскай вобласці падалі ажно 46 заяў на размеркаванне, на 12 больш за мінулы год. 70% з іх - вёска. Па словах спецыяліста аддзела адукацыі, у мінулым годзе у гэты чарнобыльскі раён не даехалі толькі два выпускнікі. І тое таму, што забралі ў войска. Жыллём тут забяспечваюць усіх – пабудаваны настаўніцкія дамкі.


У Нароўлі чакаюць 23 настаўнікі. Аднак, па словах спецыяліста аддзела адукацыі, палова мінулагодніх маладых спецыялістаў былі родам з Мазыра, астатнія -- з Гомельскай вобласці. Заробак у чарнобыльскім раёне такі ж, як па ўсёй краіне.


Аддзел адукацыі Нароўлі: Ідзе ўстановачная стаўка для маладога спецыяліста з вышэйшай адукацыяй на 1 студзеня 2008 года – 210 тысяч 728 рублёў. Да гэтай стаўкі дадаткова налічаецца надбаўка, прэмія, матэрыяльная дапамога ў памеры 5%, у сельскай мясцовасці яшчэ даплата ідзе 20%.


Адзінае перавага чарнобыльскіх раёнаў - жыллё. Тут будуюць спецыяльныя дамкі для настаўнікаў, у якіх жыве па 3-4 чалавекі. Калі прыязджае маладая сям’я спецыялістаў, ёй адразу ж выдзяляюць цэлы дом.


Зато на месца спявачкі Ганны Шаркуновай ніхто не прэтэндуе. У аддзеле адукацыі Пінска Еўрарадыё сказалі, што спявачку, якая павінна была прыехаць па размеркаванні, тут і не чакалі. Настаўнікаў музыкі і на вёсцы, і ў раёне хапае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі