У чым вінаватыя эліты і ці быў тэрор прадказальным?

В чем виноваты элиты?
В чем виноваты элиты?

Большасць з тых, хто фармуе грамадскую думку ў Беларусі, не мелі кампетэнцый ці пабаяліся пайсці супраць хваляў нянавісці, якія фармавалі адначасова і апазіцыя, і ўлада, лічыць кіраўнік Савета па міжнародных адносінах “Мінскі дыялог” Яўген Прэйгерман.

У эфіры Еўрарадыё ён расказаў, да каго мае прэтэнзіі ў бягучай палітычнай сітуацыі. Сярод іх няма “простых людзей” ні з аднаго, ні з другога боку.

— Нейкія прэтэнзіі могуць быць толькі да дзвюх катэгорый людзей. Першая — тыя, хто прэтэндуе быць элітай. І тут прэтэнзіі да абодвух бакоў: і да ўлады, і да яе апанентаў. Мы за трыццаць гадоў не змаглі выбудаваць, як мы ўжо відавочна пабачылі, паўнавартасную нацыянальную эліту. У 2020 годзе мы паўсталі перад сапраўдным выклікам, эліты не маглі быць падрыхтаваныя.

Другая група, да якой я маю прэтэнзіі, — людзі, якія фармуюць грамадскую думку, інфлюэнсеры. Калі б тыя людзі прынамсі паспрабавалі патлумачыць грамадству, якое не можа быць дастаткова абазнаным, рэальныя расклады ў сістэме, у грамадстве, патлумачыць, якім чынам наша геапалітычнае становішча адаб’ецца на з’явах, якія будуць адбывацца пасля крызісу, быў бы шанец, што людзі пачулі.

Прэйгерман лічыць, што ў абодвух лагерах у гэтай сітуацыі былі тыя, хто хацеў зарабіць бонусы: ці то лёгкія падабайкі, ці то “зорачкі” ў сістэме.

— Простыя людзі рэагуюць на зразумелыя эмоцыі, да простых людзей прэтэнзій няма. А вось тыя, хто ў нашым грамадстве прэтэндуе на нейкую ролю, — да іх ёсць прэтэнзіі. На кожным баку павінныя прызнаць сваю ролю ў тым, што адбываецца ў грамадстве.

Расказваючы пра тое, што адбываецца ў грамадстве, Прэйгерман параўноўвае гэта з сітуацыяй, “калі вы выходзіце ў адчыненае акно на 20-м паверсе”.

— Пасля гэтага задавацца пытаннем, што рабіць, не зусім сур’ёзна. Верагоднасць таго, што нейкі моцны вецер задзьме вас на дзясяты паверх, не такая і вялікая. Мы ляцім уніз, прызямленне не можа быць прыемным.

Што цяпер рабіць? Цяпер мы маем контррэвалюцыю. Спыніць яе тымі ж метадамі, якімі не змаглі спыніць аўтарытарны рэжым, проста немагчыма. Адзіная надзея, што той момант, калі дзяржава саспее да таго, што трэба пераходзіць ад рэпрэсіўнага катка да думкі пра заўтра, настане хутчэй, чым гэта адбывалася раней.

Поўную версію гутаркі з Яўгенам Прэйгерманам глядзіце на ютуб-канале Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі