У дзень пахавання палітвязня яго брата выклікалі ў міліцыю
26 траўня ў Бярозаўцы ў Лідскім раёне развітваюцца з палітвязнем Вітольдам Ашуркам, які памёр у шклоўскай калоніі пры дагэтуль нявысветленых абставінах. Сваякі атрымлівалі супярэчлівую інфармацыю пра прычыну смерці: спачатку ім казалі, што ў Ашурка спынілася сэрца (а з ім праблем ён не меў), пасля ў пасведчанні аб смерці напісалі, што прычына высвятляецца. СК паведаміў, што прызначана "комплексная судовая медыцынская экспертыза". Супярэчлівая інфармацыя і пра абставіны атрымання траўмы галавы.
Вітольд Ашурак быў асуджаны ў пачатку 2021 года на 5 гадоў зняволення (за "дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак" і за "гвалт або пагрозу гвалту ў дачыненні да міліцыянера").
Як паведамляе Радыё Свабода, на раніцу 26 траўня, калі прызначылі развітанне і пахаванне Ашурка, яго брата і сябра выклікалі ў міліцыю ў справе аб хуліганстве. Яе распачалі пасля абвяшчэння прысуду, бо нехта выгукнуў "Ганьба!" і "Верым, можам, пераможам!". Цяпер праводзіцца фанетычная экспэртыза, каб высветліць, каму належыць голас воклічаў у судзе.
Таксама міліцыя цікавіцца, ці будзе ўздымацца падчас пахавання бел-чырвона-белы сцяг.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.