У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце — чарговы скандал
Сенат ЕГУ вінаваціць рэктара ў парушэнні статутных дакументаў.
Як паведамляюць прадстаўнікі Сената ЕГУ, увечары 13 студзеня рэктар Анатоль Міхайлаў падпісаў загад пра абвяшчэнне адкрытага міжнароднага конкурсу на замяшчэнне 17 выкладчыцкіх пазіцый.
Старшыня Сената Павел Церашковіч лічыць гэта наўпроставым умяшаннем адміністрацыі ў дзейнасць галоўнага органа акадэмічнага самакіравання і фактычным прысваеннем ягоных паўнамоцтваў.
Згодна са статутнымі дакументамі ўніверсітэта, рэктар сапраўды мае права аб'яўляць конкурс. Аднак, па тых жа дакументах, конкурс мусіць рыхтаваць Сенат. Менавіта яму дадзена права вырашаць, як, па якіх правілах і крытэрах будуць набірацца выкладчыкі. Таксама за Сенатам замацаванае права фармаваць конкурсную камісію, якая будзе ацэньваць прэтэндэнтаў. Сваім загадам рэктар Міхайлаў канчаткова і дэманстратыўна выключае "мяцежны" Сенат з сістэмы прыняцця кадравых рашэнняў.
Паводле пярэдняй інфармацыі, рэформа прадугледжвае таксама скарачэнне ставак не менш, чым на 25%, праз "унутраны адбор" тых, хто не прайшоў адбор знешні. На думку прафсаюза ўніверсітэта, само сумяшчэнне конкурсу і скарачэння, а таксама ўмовы працы для тых, хто застанецца, не адпавядаюць літоўскаму заканадаўству.
Намеснік старшыні прафсаюза працоўнікаў ЕГУ "EHUnion" Канстанцін Ткачоў кажа, што толькі 17 выкладчыкаў універсітэта застануца пастаяннымі, усе астатнія апынуцца выкладчыкамі-візіцёрамі. З імі будзе заключацца працоўная дамова не больш, чым на два гады.
Фота — n-europe.eu