У Гомелі развіталіся з 14-гадовым школьнікам, які памёр на перапынку
Фотаздымак 14-гадовага Мікіты / "Сильные Новости"
Сёння ў Гомелі прайшло развітанне з 14-гадовым Мікітам, які 3 верасня раптам страціў прытомнасць на перапынку ў школе — медыкі не змаглі яго выратаваць.
Акрамя родных і блізкіх, развітацца з хлопчыкам прыйшлі яго сябры і школьныя таварышы, знаёмыя бацькоў, жыхары мікрараёна, а таксама школьныя настаўнікі і супрацоўнікі МЧС, паведамляюць "Сильные Новости".
Мікіта сур'ёзна захапляўся пажарна-выратавальным спортам, марыў паступіць ва ўніверсітэт грамадзянскай абароны МЧС. Каманда спартсменаў-ратавальнікаў хутка паедзе на чарговыя спаборніцтвы. Але ў гэты раз не поўным складам — іншага спартсмена замест Мікіты вырашылі не заяўляць.
Калі бацькі выбіралі труну для свайго сына, яны спыніліся на белым колеры.
"Мяне адгаворвалі, казалі, лепш цёмны, з аксамітнай абіўкай. Не. Толькі белы. Мікіта - гэта мой анёл, самы добры анёл", — патлумачыла матуля хлопчыка, Таццяна.
Жалобны картэж суправаджала калона матацыклістаў. Мікіту пахаваюць на могілках у Лоеве, дзе ён нарадзіўся. У сям'і, акрамя Мікіты, яшчэ чацвёра дзяцей.
Як паведамляла "Еўрарадыё", трагедыя здарылася ў СШ № 38 на вуліцы Валгаградскай. Васьмікласнік Мікіта гуляў у тэлефоне, і яму раптам стала дрэнна. Школьная медсястра выклікала хуткую, медыкі 45 хвілін беспаспяхова спрабавалі рэанімаваць хлопчыка.
Да гэтага праблем са здароўем у Мікіты не было, ён рэгулярна праходзіў медкамісію.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.