У Гомелі судзілі сям’ю Годараў за “жыллёвы” пікет у цэнтры горада

У Гомелі судзілі сям’ю Годараў за “жыллёвы” пікет у цэнтры горада

8 верасня ў Гомелі адбыўся суд над Яўгенам і Азаліяй Годарамі, якія зладзілі пікет у цэнтры горада. Выйсці на вуліцу з плакатам іх прымусіла нявыкананая дамова аб будаванні жылля. Замест 51,6 сям’я атрымала 48,3 квадратныя метры.

“Мы будавалі кватэру, былі інвестарамі. Нас падманулі, не выканалі дамову. Адрэзалі нашу прыбіральню і загналі нас у склеп. Старшыня адміністрацыі Гарбачоў заявіў, што мая плошча — гэта склеп пад падлогай, якога няма”, — кажа Азалія Годар.

Пасля першага звароту ў суд Годары адчулі на сабе ганенні і паклёпы, аднак змагання не спынілі. Яны прайшлі праз розныя інстанцыі і больш за два дзясяткі судоў, але нічога не дабіліся. Прычыну гэтага сям’я бачыць у карупцыйнай схеме, галоўную ролю ў якой адводзіць кіраўніку таварыства ўласнікаў жылля Уладзіміру Нікіфараву.

“Мы змагаемся з велізарнай мафіяй. Я выйшла на пікет, бо атрымала ліст з аддзелу прымусовага выканання, што мы павінны выступіць супраць усіх сваіх скаргаў, напісаць, што гэтыя скаргі былі незаконныя, адхіліць свае скаргі”, — распавяла Азалія Годар.   

На пікеце сямейная пара разгарнула плакат з тэкстам: “Якія “выбары”, калі расквітнела карупцыя? Прававы нігілізм — кругавая парука. Суды — цацка ў руках бязмежнікаў. Адміністрацыя — выканкам — пракуратура. Мы пацярпелыя падманутыя дольшчыкі! Мы трапілі пад ганенні!”.

Праз некаторы час Годараў затрымала міліцыя і склала на іх пратакол.

Паводле рашэння суда, кожны з пікетчыкаў вымушаны выплаціць штраф у памеры 360 тысяч беларускіх рублёў. Сямейная пара не збіраецца абскарджваць прысуд, бо не бачыць у гэтым сэнсу, аднак у змаганні з карупцыяй гатовая ісці да ААН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі