У гомельскай студыі Ціханоўскага праходзіць паўторны ператрус
4 чэрвеня ў гомельскай студыі Сяргея Ціханоўскага пачаўся паўторны ператрус. Пра гэта ў Фэйсбуку напісаў Аляксандр Кабанаў — прэс-сакратар ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.
"У сувязі з тым, што ўчора падчас ператрусу студыі Сяргея Ціханоўскага не было выяўлена валізак з грашыма, прама цяпер група з Мінска праводзіць паўторны ператрус па адрасе: горад Гомель, Карла Маркса, 1. Чакаем новых знаходак і...звальнення тых, хто не знайшоў нічога з першага разу", — паіранізаваў Кабанаў. Такім чынам ён зрабіў намёк на тое, што грошы на лецішчы Ціханоўскага знайшлі толькі пры трэцім ператрусе.
Як паведамлялася раней, ператрусы ў студыі Ціханоўскага ў гатэлі "Кстрычніцкім" і на яго сямейным лецішчы прайшлі 3 чэрвеня. На лецішчы, як паведаміла прэс-служба МУС, выявілі 900 тысяч долараў — пасля трэцяга ператрусу. Першыя два ніякіх грошай не знаходзілі.
Сам Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца ў СІЗА №1 у Мінску. Яго затрымалі пасля правакацыі ў Гродне 29 траўня.
Святлана Ціханоўская заявіла журналістам, што не бачыла знойдзеных грошай ніколі ў жыцці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.