У гонцы пераследу ў Хохфільцэне Дарья Домрачава 13-я

14 снежня ў аўстрыйскім Хохфільцэне прайшла жаночая гонка пераследу ў рамках 2-га этапу Кубку свету па біятлоне. Дар’я Домрачава стартавала пад 8-м нумарам. Яна адставала ад лідара, фінкі Кайсы Макярайнен на 42 секунды. Пасля першага агнявога рубяжа, які Домрачава адстраляла без промахаў, яна адыграла 6 секунд і перамясцілася на 4-е месца. На адрэзку 3,2 км беларуска была ўжо другой, але наступны агнявы рубеж быў няўдалым: наша біятланістка атрымала два штрафныя колы. На трэцім рубяжы Домрачава атрымала яшчэ адно штрафное кола, на чацвёртым — яшчэ два. У выніку яна фінішавала толькі 13-й.

Надзея Скардзіна абышла сваю калегу па камандзе на адзін радок і заняла 12-е месца, хоць стартавала 36-й: ёй дапамагла дакладная стральба, толькі на апошнім агнявым рубяжы спартсменка мела штрафное кола.

Анастасія Дубарэзава заняла 32-е месца, Надзея Пісарава — 53-е.

А перамогу ў гонцы пераследу атрымала Кайса Макярайнен, якая мела каласальную перавагу на старце. Другое месца ў расіянкі Кацярыны Глазырынай, трэцяе — у Анаіс Бескон з Францыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі