У Гродне адчыніўся ўнікальны сэнсарны пакой пры дзіцячым хоспісе (фота)

У Гродне адчыніўся ўнікальны сэнсарны пакой пры дзіцячым хоспісе (фота)

Урачыстае адкрыццё адзінага ў краіне сэнсарнага пакою для дзяцей прайшло ў дзіцячым хоспісе ў Гродне на базе дзіцячай паліклінікі №2. На мерапрыемстве прысутнічалі ў першую чаргу тыя, хто дапамагаў ствараць пакой, — прадпрымальнікі, чыноўнікі, звычайныя людзі. Валанцёры спявалі песні, а дзеці прэзентавалі цэлую калецыю партрэтаў мэра горада Мечыслава Гоя, якую перадалі яго намесніцы.

Сэнсарны пакой — гэта новая форма працы для цяжка хворых дзяцей. Пакой прызначаны для таго, каб развіваць зрок, слых, нюх ды пачуццё дотыку для дзяцей, у якіх у выніку цяжкіх захворванняў ёсць з гэтым праблемы. Тут спецыялісты будуць працаваць з сэнсорнай і рухавай актыўнасцю дзяцей, якія большую частку свайго часу вымушаныя праводзіць дома.

Пра стварэнне пакою Еўрарадыё распавяла кіраўніца хоспісу Вольга Шульга.

Шульга: "Я 13 гадоў працую з дзецьмі з інваліднасцю. Калі ў мяне ўзнікла такая ідэя, то мы ўзялі патроху методыкі з Нямеччыны, Польшчы, Літвы, Францыі, Беларусі — і ўсё гэта аб’ядналі ў адзін пакой. Таму тут укладзена душа і прафесіяналізм шматлікіх людзей".

Плануецца стварэнне інтэграваных групаў, дзе разам з хворымі дзецьмі будуць і здаровыя. Паводле сучасных методык, гэта лічыцца карысным: хворае дзіця можа счытваць рухі здаровага, а для здаровага гэта прыклад, як трэба натуральна ўспрымаць недахопы і дэфекты цела іншага чалавека, выхаванне гуманнасці.

Пакой быў створаны за кошт дабрачынных ахвяраванняў гродзенскіх прадпрыемстваў і прыватных асобаў. Агулам актывістам удалося сабраць 90 мільёнаў рублёў і задзейнічаць больш за 140 спецыялістаў.

Увесну ў пакой плануецца завезці масажнае крэсла, лямпу для ароматэрапіі ды маты на падлогу. Напоўніцу пакой запрацуе ўжо ў красавіку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі