У Гродне пацыент лякарні хуткай дапамогі выкінуўся з акна і загінуў
Пацыент Гродзенскай лякарні хуткай медыцынскай дапамогі выкінуўся з акна сваёй палаты на восьмым паверсе і загінуў. Пра гэта паведамляе на сваёй старонцы ў Фэйсбуку афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч.
Цела 41-гадовага мужчыны знайшлі ўвечары 20 траўня пад вокнамі медыцынскай установы. Падчас агляду месца здарэння не знайшлі прыкметаў таго, што смерць мела крымінальны характар.
Як высветлілі следчыя, мужчына паступіў у лякарню ў той самы дзень. Ён быў пацыентам траўматалагічнага аддзялення. Асноўнай версіяй здарэння з’яўляецца самазабойства.