У Гродне прайшоў міжнародны фэст вулічных культур (фота)
Фестываль GRAND TEATRO-2014 сабраў 31 жніўня ў Гродна эквілібрыстаў, музыкаў, танцораў, чараўнікоў, мімаў, жанглёраў і актораў вулічнага тэатра.
Некалькі дзясяткаў вулічных майстроў з Беларусі, Расіі і Украіны размясціліся на Савецкай вуліцы, ператварыўшы цэнтр горада ў велізарную сцэну.
Вулічнае свята пачалося з выступу артыстаў на тэматычных пляцоўках уздоўж пешаходнай вуліцы. Кожны весяліў мінакоў па-свойму, а нехта нават змудрыўся зарабіць грошы "ў шапку". Нестандартным падыходам здзівіў гледачоў эксперыментальны тэатр EYE. Акцёры ў сваім спектаклі "Дон Кіхот"выкарыстоўвалі муку, якой пасыпалі сябе і гледачоў.
Потым дзеянне перамясцілася на галоўную пляцоўку фестывалю каля Маладзёжнага цэнтра "Гродна". Менавіта адсюль пачалося вечаровае шоў пад адкрытым небам. Калі сцямнела, гледачоў запрасілі паглядзець на тэатр ценяў ад студыі "Пачатак". А далей вулічнае чараўніцтва прывяло гасцей фестывалю ў гарадскі парк імя Жылібера. Тут прайшлі спектакль "Макі" ад студыі "Пачатак" і перфоманс ад EIVA Show Group.
Фестываль прысвяцілі творчасці ўраджэнца Гродзеншчыны мастака Станіслава Жукоўскага. Вернісаж яго прац можна было ўбачыць каля помніка Сакалоўскаму.