У Гродне ссеклі каштан Элізы Ажэшкі. Фотарэпартаж

У Гродне ссеклі каштан Элізы Ажэшкі. Фотарэпартаж

У Гродне ссеклі каштан Элізы Ажэшкі (1841 — 1910). Дрэва было адзіным сапраўдным напамінам пра жыццё пісьменніцы ў горадзе.

Каштан, якому было больш за 100 гадоў, рос па вуліцы Ажэшкі каля дома-музея пісьменніцы. Мяркуецца, што гэта апошняе дрэва з яе саду, які пані Эліза высаджвала ўласнаручна. Добра вядома, што літаратарка цікавілася батанікай і біялогіяй, захаваліся яе гербарыі. Сам дом-музей Ажэшкі па сутнасці — навароб, бо быў перанесены са свайго папярэдняга месца на некалькі дзесяткаў метраў за савецкім часам і складзены з новых матэрыялаў.

Дрэва ссеклі як "хворае і аварыйнае". Эколагі ўжо некалькі гадоў таму пачалі “біць у званы” — каштан можна было вылекаваць. “Не трэба было даводзіць да такога стану, — тлумачыць эколаг Ігар Лапеха. — Самае парадаксальнае, што лячэнне абыйшлося б танней за аперацыю па спілоўванні. Антыгрыбковы прэпарат каштаваў бы гораду ўсяго 30 еўра... Зрэшты, для кагосці гэта памяць пра Ажэшку, а для кагосьці — проста старое дрэва”.

Лапеха ўпэўнены, што перадумовы для знішчэння каштана-помніка стварылі самі гарадскія ўлады ды будаўнікі. Спачатку дрэва заціснулі ў “бетонны мех” тратуарнай пліткі, падарваўшы карнявую сістэму. Пасля не прынялі аніякіх мераў супраць мініруючай молі, якая з’ядае лістоту каштанаў ды паніжае іх імунітэт.

У выніку вуліца Ажэшкі, якая раней была ці не самая зялёная ў горадзе, засталася наогул без сваіх каштанаў. Апошняй ахвярай стала дрэва-помнік, звязанае з самой Элізай Ажэшкай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі