У Гродне выявілі фальшывую банкноту новага ўзору (фота)
У Гродне выявілі фальшывую банкноту новага ўзору. Працаўнікі аднаго з гандлёвых аб'ектаў падчас пералічвання выручкі заўважылі прыкметы падробкі на купюры вартасцю 20 рублёў (2009 года выпуску). Пра гэта яны паведамілі праваахоўнікам.
Як інфармуе прэс-служба Следчага камітэта, падазроную банкноту адправілі на экспертызу, якая пацвердзіла, што яе вырабілі "ў бытавых умовах з выкарыстаннем капіравальна-памнажальнай тэхнікі". Па факце вырабу і збыту падробленай банкноты распачатая крымінальная справа (ч. 1 арт. 221 КК). Ідзе пошук асобы, якая яе прынесла ў краму.
Адзначаецца, што гэта ўжо другі факт падробкі беларускіх грошай пасля дэнамінацыі. Першы быў зафіксаваны ў сярэдзіне ліпеня ў Глыбокім. Тады таксама была падробленая банкнота вартасцю 20 рублёў.