У Хрыстафора Калумба знайшлі беларускія карані

Амерыканскі гісторык даказаў, што дзедам першаадкрывальніка быў Ягайла! Цяпер ён хоча зрабіць аналіз ДНК.

Мануэль Роза (Manuel Rosa) ў сваёй новай кнізе даводзіць, што выкрыў таямніцу паходжання першаадкрывальніка Амерыкі. Ён абвяргае ранейшыя тэорыю, што Хрыстафор паходзіць з італьянскай Генуі.
У сваёй працы "Калумб. Ніколі не казаная гісторыя" („Colon. La Historia Nunca Contada”) амерыканскі гісторык партугальскага паходжання, прааналізаваўшы сярэднявечныя дакументы і хронікі, даводзіць, што ягоны бацька — прыгодніцкі кароль Уладзіслаў III, а дзед — кароль Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага Ягайла.
Нагадаем, бацькам Ягайлы быў Альгерд, маці — князёўна Ўльяна Цвярская. У 1385 годзе ў замку Крэва (цяперашні Ашмянскі раён) ён заключыў вунію паміж Польшчай і ВКЛ.
Паводле Мануэля Розы, сын Ягайлы, польскі кароль Уладзіслаў III не загінуў у бітве з туркамі ў 1444 годзе, але збег і пасяліўся на партугальскай Мадэйры. Там ён ажаніўся з заможнай партугалкай і стаў бацькам Калумба.
Гэтая тэорыя дапамагае зразумець, чаму Калумб ажаніўся на заможнай партугальскай арыстакратцы, і іх шлюб быў зацверджаны партугальскім каралём, перакананы Мануэль Роза. Да таго ж, герб Калумба падобны на герб Уладзіслава. Ды і сам вандроўнік выглядаў усходнееўрапейцам: са светлай скурай і блакітнымі вачыма. Сам ён хаваў сваё паходжанне, каб не выкрыць свайго бацьку.
Каб давесці сваю тэорыю, даследчык хоча параўнаць ДНК Ягайлы (запыт ужо скіраваны ў Кракаў) і сыноў Калумба, пахаваных у Севільі.
Вынікі даследавання ўжо падтрымалі іншыя гісторыкі. "Гэтая кніга назаўжды зменіць наш погляд на сваю гісторыю", падаюць СМІ словы партугальскага гісторыка Жазэ Карласа Каласанса (José Carlos Calazans).
Прэзідэнт Партугаліі Кавако Сільва прымае з рук Мануэля Розы яго папярэднюю працу пра Калумба, 2007 г. 
Фота: http://www.1492.us.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі