У Карэліі ў беларускага гандляра канфіскавалі каўбасу (відэа)
Мясцовая ветслужба кажа, што летась у адным з раёнаў зафіксавалі ўспышку свіной чумы, завезенай з Беларусі.
У карэльскім Петразаводску адчыніўся кірмаш беларускіх тавараў. Як паведамляе сайт gubdaily.ru, вялікай папулярнасцю ў пакупнікоў карысталіся беларускія каўбасы. Але высветлілася, што тавар была прывезены ў Расію без неабходных дакументаў, у тым ліку адзнак ветэрынарнага кантролю.
Жыхары Петразаводска паскардзіліся ў Рассельгаснагляд. У прадаўца канфіскавалі каўбасу і адправілі на праверку ў лабараторыю. Пры выяўленні небяспечных паказчыкаў яе знішчаць. Па звестках СМІ, летась у адным з раёнаў Карэліі ўжо была ўспышка афрыканскай чумы свіней, завезеная з Беларусі.
Уладальніку павільёна пагражае штраф да тысячы расійскіх рублёў. Праўда, у госця з Беларусі пры сабе не аказалася дакументаў, якія сведчаць асобу.