У Касцюковічах школьніцу злавілі з 4 літрамі піва
Выязное пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх
У Касцюковічах у Магілёўскай вобласці школьніцу злавілі з 4 літрамі піва. Каля 23-й гадзіны дзяўчынка-падлетак знаходзілася ў дыскабары. У яе былі дзве двухлітровыя бутэлькі з півам, якое яна піла (дарэчы, тэрмін забароны продажу піва ў вялікіх пластыкавых бутэльках у РБ перанеслі з 2025-га на 2026 год).
Як піша раённая газета, здарэнне разглядала камісія па справах непаўналетніх райвыканкама, якая сабралася ў сярэдняй школе № 4. Школьніца свае паводзіны патлумачыла уплывам паўналетняй сяброўкі. У выніку дзяўчынку паставілі на ўлік да нарколага. Навучальная ўстанова распачала "ўзмоцнены кантроль" за яе паводзінамі.
На выязное пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх сабралі школьнікаў. Пракурор раёна Сяргей Булахаў папярэдзіў іх пра крымінальную і адміністрацыйную адказнасць "за ажыццяўленне экстрэмісцкай дзейнасці і за парушэнне грамадскага парадку пры правядзенні масавых мерапрыемстваў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.