У Казахстане на 8 гадоў асудзілі былога ўладальніка беларускага "Макдональдса"
Кайрат Баранбаеў / kazpravda.kz
31 сакавіка суд у Астане прысудзіў казахстанскага бізнэсоўца, экс-уладальніка Mcdonald's у Беларусі і Казахстане Кайрата Баранбаева да васьмі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, піша vlast.kz.
Яго прызналі вінаватым у прысваенні даручанай чужой маёмасці, а таксама дапамозе ў адмыванні грошай, атрыманых злачынным шляхам. Гаворка ішла пра крадзеж 14,5 мільярдаў тэнге на здзелках пры перапродажы газу нацыянальнай кампаніі QazaqGaz.
Як распавядала Еўрарадыё, бізнесоўца затрымалі ў сакавіку 2022 года. Акрамя франшызы Mcdonald's у Беларусі і Казахстане яму таксама належалі прадпрыемствы па разліве мінеральнай вады, фітнэс-клубы, фармацэўтычныя вытворчасці ды інш. Ён быў старшынёй Нацыянальнага паралімпійскага камітэта і футбольнага клуба "Кайрат".
Баранбаеў — сваяк экс-прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева. У Казахстане з мінулага года прадстаўнікі гэтага клана імкліва губляюць уплыў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.