У Кіеве адказалі на намер Лукашэнкі вярнуць Украіну ва "ўлонне славянства"

Ігар Кізім / Еўрарадыё
Ігар Кізім / Еўрарадыё

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім пракаментаваў намер Аляксандра Лукашэнкі вярнуць Кіеў "ва ўлонне нашага славянства", а таксама развагі беларускага лідара пра вайну. Гэтыя заявы Лукашэнка зрабіў падчас нядаўняга паслання парламенту.

Перш за ўсё Кізіма зацікавіла фраза беларускага лідара: "мы вернем нашу Украіну ва ўлонне нашага славянства".

"Незразумела, хто такія "мы". І, у гэтым кантэксце, чаму для кагосьці Украіна "НАША" і калі яна выйшла з "улоння славянства"? Калі "МЫ" — гэта Беларусь, то відавочна, што з беларусамі мы і ёсць тое самае "ўлонне славянства" (дарэчы, і палякі там, і балгары, і славакі, і інш.) і нам туды вяртацца не трэба, мы яго не пакідалі", — адзначыў дыпламат.

Аднак калі пад "мы" разумеецца уласна Лукашэнка і расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін, то вяртацца ў такое "ўлонне" не захоча яшчэ не адно пакаленне украінцаў, адзначыў Кізім.

Адрэагаваў Кізім і на заявы Лукашэнкі пра вайну. Украінскаму дыпламату незразумела: да вайны супраць каго рыхтуецца Беларусь? З заяў беларускіх палітыкаў і вайскоўцаў вынікае, што супраць Украіны. Ён працытаваў задуму будучых беларуска-расійскіх вучэнняў і са шкадаваннем адзначыў, што ў найбліжэйшы час у 20-50 км ад мяжы з Украінай будуць знаходзіцца рэгулярныя вайсковыя часткі РФ.

"Сумна назіраць, як Беларусь усё больш "раствараецца" ў наратывах і "задумах" Крамля, накіраваных супраць Украіны. Думаю, гэта не на карысць беларускаму суверэнітэту і дзяржаўнасці і, тым больш, дружбе ўкраінскага і беларускага народаў", — адзначыў дыпламат.

На думку Ігара Кізіма, "задума" Крамля добра вядомая — адрадзіць імперыю.

"А там не будзе месца для па-сапраўднаму незалежных Украіны і Беларусі. Думаю, нам пра гэта трэба памятаць", — заявіў дыпламат.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі