У Кіеве шукаюць сведку, які мог бачыць меркаваных забойцаў Паўла Шарамета

У Кіеве шукаюць сведку, які мог бачыць меркаваных забойцаў Паўла Шарамета

Украінскія праваахоўнікі шукаюць сведку, які мог бачыць меркаваных забойцаў журналіста Паўла Шарамета. Пра гэта было паведамлена на брыфінгу прадстаўнікоў Генпракуратуры і Нацыянальнай паліцыі Украіны, які трансляваў украінскі "Пяты канал".

Праваахоўнікі паказалі запісы з відэакамераў, на якіх відаць, што непадалёк ад меркаваных забойцаў Шарамета — мужчыны і жанчыны — уначы прайшоў малады хлопец. Па ацэнках праваахоўнікаў, рост юнака складае каля 180 см. Асаблівай прыкметай яны назвалі заплечнік з дзвюма святлоадлюстравальнымі палосамі.

Таксама прагучала інфармацыя, што следства зараз вывучае запісы з відэакамераў з навакольных вуліцаў каля месца жыхарства Шарамета — гэта 140 тэрабайтаў інфармацыі.

Следчыя ўжо апыталі больш за 150 сведкаў па гэтай справе.

Па-ранейшаму ў распрацоўцы застаюцца чатыры версіі: асабістая непрыязь; прафесійная журналісцкая дзейнасць; дэстабілізацыя абстаноўкі ў Кіеве і ва Украіне ў цэлым; памылка ў аб'екце забойства (магчыма, хацелі забіць Алену Прытулу).

Журналіст беларускага паходжання Павел Шарамет загінуў у цэнтры Кіева зранку 20 ліпеня. Аўтамабіль, у якім ён ехаў, узарваўся ад самаробнага выбуховага прыстасавання. У яго смерці падазраюць невядомых мужчыну і жанчыну, якія заклалі ў машыну выбухоўку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі