У Кіеве заявілі, што "вагнеравец" Нужын добрахвотна пагадзіўся вярнуцца ў Расію
Яўген Нужын у палоне / censor.net
У Кіеве заявілі, што "вагнеравец" (найміт ПВК Вагнера) Яўген Нужын добрахвотна пагадзіўся вярнуцца ў Расію ў рамках абмену ваеннапалоннымі. Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк сцвярджае ў інтэрв'ю "Дождю", што расіянін падпісаў адпаведны дакумент. Яго абмянялі ў фармаце "пакет на пакет", у выніку якога Украіна вярнула 47 сваіх вайскоўцаў.
Нужын адбываў 24-гадовы тэрмін у калоніі ў Разанскай ворбласці РФ, калі быў завербаваны "вагнераўцамі". У верасні ва Украіне ён трапіў у палон, даў інтэрв'ю ўкраінскім СМІ. 12 лістапада з'явілася відэа жорсткага забойства Яўгена Нужына, якое назвалі "забойствам здрадніка".
Падаляк мяркуе, што заснавальнік ПВК Вагнера Яўген Прыгожын мог арганізаваць паказальнае пакаранне ў прапагандысцкіх мэтах. Сам Прыгожын змяніў версію і назваў відэа "выдатнай рэжысёрскай працай" і ўсклаў адказнасць на амерыканскія спецслужбы. Тым часам праваахоўныя органы РФ вядуць праверку роліка з забойствам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.