У Клімавіцкім раёне два “каўбоі” стралялі па в’етнамскіх свінках
У Клімавіцкім раёне сын фермера і яго прыяцель-паляўнічы вырашылі пры дапамозе зброі вярнуць збеглых з загону в’етнамскіх свінак. Мужчыны запрыкмецілі жывёл, якія пасвіліся на полі каля вёскі Слабодка: некалькі дзясяткаў свінак каля месяца таму ўцяклі з загону фермерскай гаспадаркі і такім чынам іх гаспадар хацеў “вярнуць сваё”. Стральбу з карабіну адкрыў паляўнічы — на просьбу сябра.
Магілёўская інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету не зразумела такіх уласніцкіх настрояў і расцаніла дзеянні як незаконныя: мужчына, які страляў з карабіна, не меў дазволу на паляванне на гэтай тэрыторыі. Да таго ж землі гэтай фермерскай гаспадаркі адначасова з’яўляюцца часткай паляўнічых угоддзяў. Таксама пад адміністратыўную адказнасць трапіў і арганізатар незаконнага палявання, сын фермера.