У кобрынца двойчы скралі запчасткі з аднаго і таго ж аўтамабіля

У кобрынца двойчы скралі запчасткі з аднаго і таго ж аўтамабіля

Жыхар вёскі Залессе Кобрынскага раёна двойчы стаў ахвярай аўтазлодзеяў, паведамляе прэс-служба УУС Брэсцкага аблвыканкама

Мужчына прывёз свой тэхнічна няспраўны аўтамабіль у адзін з аўтасэрвісаў Кобрына. Але праз пару дзён ён выявіў, што з машыны абрэзалі частку электраправодкі і знялі некаторыя дэталі падвескі. Работнікі аўтасэрвісу распавялі аўтаўладальніку, што каля аўто "папрацавалі" двое знаёмых мужчын і назвалі іх адрас. Зламыснікі заявілі работнікам аўтасэрвісу, быццам гаспадар аўто папрасіў зняць некаторыя запчасткі для рамонту іншага аўтамабіля. 

Гаспадар аўто пагаварыў з бацькам і сынам, якія знялі запчасткі з яго машыны. Бацька і сын прызналіся ў зробленым і нават далі грошы, каб пацярпелы выкупіў скрадзенае ў скупшчыка металалому. Вясковец так узрадаваўся, што нават не стаў звяртацца ў міліцыю.

Але наступным разам мужчына знайшоў аўтамабіль у яшчэ горшым стане, чым раней. Не губляючы час, мужчына зноў адправіўся да ранейшых злодзеяў. Але тыя здзівіліся: "Мы ж не настолькі нахабныя, каб два разы ў цябе красці". Тады пацярпелы звярнуўся з заявай у міліцыю.

Праваахоўнікі высветлілі, што і першы, і другі раз дзейнічалі адны і тыя людзі — непрацуючыя кобрынцы 47 і 21 гадоў. 

Міліцыя пачала крымінальную справу. Таксама праваахоўнікі правераць датычнасць мужчын да падобных злачынстваў, учыненых у Кобрыне і раёне раней.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі