У Кобрыне затрымалі дыджэя — грамадзяніна Украіны

Арцём Макавей / фота з архіву Ірыны Макавей
Арцём Макавей / фота з архіву Ірыны Макавей

У Кобрыне затрымалі грамадзяніна Украіны Арцёма Макавея, піша блог "Галасы".

Арцёму 23 гады. Хлопец жыў у Беларусі з 2009 года, меў тут дазвол на жыхарства. Працаваў дыджэем, ездзіў з выступамі.

Ягоная маці Іна Макавей жыве ў Мікалаеўскай вобласці Украіны. Пасля затрымання яна прыехала ў Беларусь, каб даведацца пра лёс сына.

Жанчына расказала журналістам, што ў 2009 годзе памёр яе муж, а сама яна амаль год ляжала ў шпіталі з пераломам пазваночніка. Арцёма адправілі на Кобрыншчыну да бабулі, дзе ён і скончыў школу.

Па словах Іны Макавей, яе сын не цікавіўся палітыкай: "Ён нідзе не лез, нічога такога не пісаў нідзе. Адзінае што, мог у Іnstagram выкласці якія-небудзь здымкі з падтрымкай Украіны. Тыя здымкі былі не ягоныя, ён іх браў у інтэрнэце. У яго сваякі цяпер ваююць, таму лагічна, што ён такія здымкі мог выкінуць".

У студзені 2023 года Арцёма выклікалі ў міграцыйную службу і прапаноўвалі прайсці паліграф. Хлопец сказаў маці, што не разумее, за што яго выклікаюць.

"У канцы студзеня да яго стукалі ў дзверы незнаёмыя ў цывільным, ён баяўся ім адчыняць, бо не ведаў, хто гэта. 27 студзеня Арцём знік, перастаў адказваць мне на паведамленні", — расказвае Іна Макавей пра далейшыя падзеі.

З перапіскі з сябрамі сына жанчына даведалася, што затрымалі яго і ягоных сяброў. Але іх з-пад варты адпусцілі, а Арцёма завезлі ў Брэст. Тады жанчына і прыехала ў Беларусь.

"Ад міліцыі пачулі, што яго затрымаў КДБ. Я некалькі разоў ездзіла ў Брэст, хадзіла ў КДБ, каб даведацца, за што забралі майго сына, у чым ён вінаваты. Мне проста нічога не адказваюць, ухіляюцца ад адказу. Нават сказалі: "Адкуль вы ўзялі, што мы забралі?" Адзінае, што паведамілі: "Ён нясе пагрозу Рэспубліцы Беларусь". Больш ніякіх тлумачэнняў", — кажа жанчына.

У пракуратуры Іне Макавей паведамілі, што на яе сына не пачыналі крымінальную справу. Не змагла ёй нічым дапамагчы і ўкраінская амбасада.

Дарэчы, у нядаўнім інтэрв'ю украінскі амбасадар Ігар Кізім паведаміў, што ў Беларусі па падазрэнні ў шпіянажы затрымалі сем украінцаў. Атрымаць доступ да іх, прызнаўся дыпламат, вельмі цяжка: "Сваякі і мы стараемся неяк да іх дабрацца. Але калі ўзялося КДБ, то не пускаюць нават консула і прызначаюць свайго адваката, які нічога не кажа".
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі