У краіне 11.029 ІП пераходзяць у ЧУПы

Такую лічбу называюць у прэс-службе Міністэрства эканомікі. На перарэгістрацыю падалі 9.348 заяў і яшчэ 1.681 іпэшнікаў з нядаўняга часу працуюць як унітарныя прадпрыемствы. Чыноўнікі не выключаюць магчымасці, што указ № 302 будзе неяк зменены.
Намеснік дырэктара дэпартамента па прадпрымальніцтву Міністэрства эканомікі Яўген Сямёнаў не лічыць, што указ 302 прадпрымальнікі праігнаравалі. Ён сцвярджае, што пераход ва ўнітарныя прадпрыемствы ідзе нармальна.

Яўген Сямёнаў: З 64.110 ІП, якія маюць наёмных працоўных, 47 тысяч 740 чалавек плануе стаць самастойнымі і наняць на працу сваіх родных. Таму выходзіць, што 57 тысяч ІП ужо вырашылі свой лёс, а астатнія пакуль думаюць, якую форму абраць: таварыства з дадатковай адказнасцю ці таварыства з абмежаванай адказнасцю.

У краіне зараз зарэгістравана 203 тысячы ІП. Атрымліваецца, што 139 тысяч прадпрымальнікаў працуюць самастойна. Але ў Беларускім саюзе прадпрымальнікаў такую лічбу называюць занадта завышанай: на іх думку, 70% іпэшнікаў (прыкладна 142 тысячы) наймаюць работнікаў.

У суботу (апошні дзень, калі можна было зарэгістраваць ЧУП па ільготнай схеме) аддзел прадпрымальніцтва Мінгарвыканкаму працаваў да 8 вечара. Начальнік упраўлення рэгістрацыі і ліцэнзавання Камітэта эканомікі Мінгарвыканкаму Дзмітрый Антаневіч расказаў Еўрарадыё, што ў апошнія два дні ў аддзел звярнулася столькі ІП, колькі з таго моманту, калі стала вядома пра пераход ва ўнітарныя прадпрыемствы.

Дзмітрый Антаневіч: На сённяшні дзень у Мінску падала заяў на перарэгістрацыю 2.773 індывідуальных прадпрымальнікі, а афіцыйна ў ЧУПы паспелі перайсці 500 іпэшнікаў. Усе, хто жадаў набыць сабе новы статус, – зрабілі гэта.

На пытанне Еўрарадыё, ці рэальна, што тэрміны льготнай перарэгістрацыі працягнуць, Дзмітрый Антаневіч адказаў:

Дзмітрый Антаневіч: У мяне такой інфармацыі няма, таму я не буду даваць каментар. Адзінае, што скажу: у выкананні 302-га указа было зроблена шмат ноў-хаў, каб спрасціць пераход перарэгістрацыі: пераафармленне гандлёвых кропак, пераафармленне ліцэнзій… Магчыма, урад пачуе голас народа і зробіць нешта, каб змяніць указ 302 і прымяніць нашыя напрацоўкі.

Начальнік упраўлення рэгістрацыі і ліцэнзавання Камітэта эканомікі Мінгарвыканкаму Дзмітрый Антаневіч лічыць, што ў краіне для працы ІП створаны ўсе спрыяльныя ўмовы, аднак дарадца Міжнароднай фінансавай карпарацыі Валерый Фадзееў прытрымліваецца іншага меркавання. У ліпені яны зрабілі параўнальны аналіз дзейнасці ІП у розных краінах і прыйшлі да высновы, што ні ў адной развітай краіне няма абмежавання па найму работнікаў, як у Беларусі.

Валерый Фадзееў: Мы даследавалі краіны найбольш развітыя ў эканамічным сэнсе. Гэта Германія, Швецыя, Новая Зеландыя, Канада, ЗША, Данія і Нарвегія. Недзе няма такіх абмежаванняў па найму працаўнікоў, як у нас. Безумоўна, нешта рабілася чыноўнікамі, каб спрасціць жыццё прадпрымальнікаў, але калі выйшаў указ пра пераход у ЧУП і новы статус ІП – усё перакрэслілася.

Напрыклад, у Германіі, Нарвегіі і Швецыі ІП можа наймаць на працу столькі работнікаў, колькі яму захочацца, пры гэтым ён павінен паведміць у адпаведныя органы аб сваёй дзейнасці і заплаціць за рэгістрацыю. У Канадзе і ЗША дзяржаўная рэгістрацыя ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка не патрабуецца ў тым выпадку, калі прадпрымальнік працуе пад уласным імем.

Што датычыцца падаткаў, то ў Канадзе і ЗША яны самыя малыя: падаходны падатак, сацыяльнае і медыцынскае страхаванне, пенсійныя плацяжы. У Нарвегіі прадпрымальнікі плацяць яшчэ ПДВ (НДС). У Германіі – падаходны падатак, падатак на камерцыйную дзейнасць, ПДВ, калі ІП наймае работнікаў, то ён яшчэ павінен уплочваць адлічэнні на сацыяльнае страхаванне. У ЗША ў выпадку, калі ІП наймае працаўнікоў, з яго вылічваюць яшчэ і федэральны падатак. Але ні ў Германіі, Даніі, Швецыі, Нарвегіі, ЗША, Канадзе і Новай Зеландыі ніхто не абмяжоўвае прадпрымальніка ў колькасці наёмных працаўнікоў.

У Беларусі, напрыклад, ёсць прамыя і ускосныя падаткі. Сярэдні прадпрымальнік у месяц (па падліках Беларускага саюза прадпрымальнікаў) аддае на падаткі 15 тысяч долараў: сюды ўваходзіць і падаходны падатак, і 2% ад працы з імпартным таварам, і 10% ад заробку наёмных работнікаў, і нават падатак на арэнду…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі