У Крамлі пракаментавалі экстрадыцыю Сафіі Сапега ў Расію

Сафія Сапега / БЕЛТА
Сафія Сапега / БЕЛТА

Крэмль не займаецца пытаннем экстрадыцыі Сафіі Сапега з Беларусі ў Расію, заявіў 17 красавіка прэс-сакратар кіраўніка Расіі Дзмітрый Пяскоў.

"Гэта не пытанне для адміністрацыі прэзідэнта. Мы не займаемся непасрэдна гэтай тэмай", — перадае Sputnik словы Пяскова.

Паведамляецца, што тэхнічнымі пытаннямі перадачы Сафіі займаюцца праваахоўныя ведамствы дзвюх краін.

Як паведамляла Еўрарадыё, 14 красавіка беларуская Генпракуратура задаволіла хадайніцтва аб экстрадыцыі расіянкі Сафіі Сапега на радзіму для далейшага адбыцця пакарання.

Дзяўчына асуджаная на 6 гадоў за адміністраванне "Чорнай кнігі Беларусі". Яе затрымалі 23 траўня 2021 года разам з Раманам Пратасевічам, калі беларускія ўлады прымусова пасадзілі ў Мінску самалёт кампаніі Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню. Суд прызнаў Сапега вінаватай паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса — ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці ў складзе групы асоб) і ч. 1 арт. 179 (незаконны збор інфармацыі пра прыватнае жыццё). Праваабаронцы надалі ёй статус палітзняволенай.

У сакавіку 2023-га КДБ унёс імя Сафіі Сапега ў "тэрарыстычны спіс". Беларускія ўлады адмовіліся памілаваць дзяўчыну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі